ЖЫЛЛЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны па выкарыстанні жыллёвага фонду — набыцці, буд-ве, кіраванні, эксплуатацыі і рамонце, размеркаванні і прадастаўленні жылля для грамадзян. Ж.п. не з’яўляецца самаст. галіной права і супадае па сэнсе з паняццем «жыллёвае заканадаўства». У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай Ж.п. з’яўляюцца Канстытуцыя і жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзярж. і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай ці мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля. Пытанні Ж.п. рэгулююцца і інш. прававымі актамі, якія выдаюцца мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі і іх выканаўчымі органамі.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)